РАДЫЁГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

комплексы радыётэхн. апаратуры для вызначэння каардынат рухомых аб’ектаў (самалёт, судна) або адлегласцей да іх адносна нерухомых апорных пунктаў (аб’ектаў) з вядомымі каардынатамі. Уключаюць радыёстанцыі на рухомых і нерухомых аб’ектах. Яны выпрацоўваюць і прымаюць радыёхвалі ў пэўным дыяпазоне, па часе і скорасці распаўсюджвання якіх вымяраюцца адлегласці і вылічваюцца каардынаты. Р.с. выкарыстоўваюцца пры аэраздымцы, для стварэння радыёгеадэзічных сетак на вял. тэрыторыі, пры геафіз. разведцы з самалётаў і марскіх суднаў, у паветранай і марской навігацыі. Гл. таксама Радыёвышынямер, Радыёдальнамер, Радыёнавігацыя.

П.​П.​Явід.

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)